Стаўленне беларускай суполкі Нідэрландаў да палітычнай сітуацыі ў Беларусі
Пасля выбараў у жніўні 2020 Беларуская дыяспара Нідэрландаў заняла дакладную пазіцыю ў адносінах да палітычнай сітуацыі:

1) Мы не прызнаем афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020. Беларусы, якія пражываюць у Нідэрландах, прагаласавалі за Святлану Ціханоўскую – 92.77%. Уся прэзідэнцкая кампанія 2020 ішла несумленна, з масавымі парушэннямі і арыштамі. Але нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка скарыстаў увесь свой адміністратыўны і сілавы рэсурс, ён не змог выйграць гэтыя выбары з тым вынікам, пра які заяўляе. Пра гэта сведчаць як масавыя пратэсты беларусаў па ўсёй краіне, так і вынікі шматлікіх грамадзянскіх ініцыятываў кантролю і назірання за галасаваннем (Голас, Зубр, экзіт-пол, і інш.).

2) Мы заклікаем урад Нідэрландаў не прызнаваць афіцыйныя вынікі выбараў у Рэспубліцы Беларусь, а Аляксандра Лукашэнку – легітымна абраным прэзідэнтам.

3) Мы падкрэсліваем, што суверынітэт Беларусі – найвышэйшая каштоўнасць для ўсіх беларусаў. Пратэсты, якія праходзяць у Беларусі, носяць унутраны характар, гэта змаганне супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў, супраць гвалту і дыктатуры, і не маюць геапалітычнай афарбоўкі. Мы заклікаем усе краіны свету падтрымаць беларусаў і не ставіць геапалітычныя інтарэсы аніводнай іншай краіны вышэй інтарэсаў беларускага народу.

4) Непрызнанне Аляксандра Лукашэнкі законна абраным прэзідэнтам таксама азначае, што ўсе дакументы, падпісанныя ім, асабліва, якія закранаюць суверынітэт Рэспублікі Беларусь, не маюць юрыдычнай сілы.

5) Мы асуджаем гвалт супраць мірных дэманстрантаў і звычайных жыхароў краіны ў перыяд 9-13 жніўня, які прывёў да забойства як меней 6 мірных дэманстрантаў, а таксама да тысячаў скалечыных лёсаў. Мы трактуем тое, што адбылося, як масавае катаванне і злачынства супраць чалавечнасці, і заклікаем да выкарыстання ўсіх даступных міжнародных механізмаў дзеля дасягнення справядлівага раследвання гэтых злачынстваў. Мы асуджаем усе палітычна матываваныя арышты і пераслед грамадзян, якія пачаліся яшчэ ў траўні 2020 і працягваюцца да сёння. Мы патрабуем вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў.

6) Мы заклікаем да ўвядзення персанальных санкцый супраць усіх асобаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, хто ўдзельнічаў у фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсіях.

7) Мы падтрымліваем усе ініцыятывы ў Беларусі і за яе межамі, якія ставяць сваёй найвышэйшай каштоўнасцю суверынітэт Беларусі, патрабуюць спынення і раследванне гвалту і вызваленне палітвязняў, выступаюць за новыя дэмакратычныя выбары. 

8) Мы падкрэсліваем, што Беларусь гістарычна і геаграфічна – частка Еўропы. Таму рэакцыя еўрапейскай супольнасці на сітуацыю ў Беларусі мусіць быць салідарнай, моцнай і адназначнай. Мы заклікаем урад Нідэрландаў – на нацыянальным і на еўрапейскім узроўні – аказаць падтрымку пацярпелым ад гвалту, а таксама грамадзянскай супольнасці. Мы просім выказаць гатоўнасць падтрымаць беларускае грамадства на шляху да рэформаў і аднаўлення эканомікі ў выпадку перамогі над дыктатурай.